Скандальны верталёт МІ-2 канчаткова вырашылі не тапіць ва ўнікальным возеры

А праект дайвінг-цэнтра ў Нарачанскім парку ляжыць на стале ў кіраўніка краіны. Фюзеляж верталёта МІ-2 затапляць на дне возера Рудакова не будуць. Гэта рашэнне канчатковае і ніякіх дадатковых камісій Мінпрыроды з гэтай нагоды не будзе. Пра гэта Еўрарадыё заявіў кіраўнік навуковага аддзела Нарачанскага парка Валерый Люштак. На тэрыторыі парка і знаходзіцца возера.

Люштак: “Яго дасталі (фюзеляж верталёта. – Еўрарадыё), яго паставілі на нейкае там захоўванне і што з ім будзе – я не ведаю. Гэтая тэма ў нас закрытая. І ні ў якіх камісіях, я так разумею, не было ніякай неабходнасці”.

Нагадаю, на пачатку чэрвеня старшыня Беларускай федэрацыі падводнага спорту Сяргей Патрыкееў распавёў Еўрарадыё, што Федэрацыя накіравала міністру прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ліст з просьбай прызначыць экспертызу, каб канчаткова высветліць, ці можна “класці” на дно возера фюзеляж верталёта.
 
Між тым, па словах Люштака, ад ідэі стварэння на беразе возера Рудакова дайвінг-цэнтра ніхто не адмаўляўся.

Люштак: “Праект стварэння цэнтра дайвінгу на возеры Рудакова застаецца ў сіле. Зараз мы чакаем, што кіраўнік дзяржавы падпіша адпаведны пакет дакументаў. На пачатку жніўня на нарадзе быў у прынцыпе адобраны распрацаваны праект курортнай дзяржпраграмы. Калі падпіша ён гэты пакет дакументаў – выйдзе адпаведны ўказ кіраўніка дзяржавы аб рэалізацыі гэтай дзяржпраграмы. Там і будзе прапісана і прынята да выканання: “Возера Рудакова – цэнтр дайвінгу”. Будуць інвестары, якія возьмуцца за гэтую справу. Усё будзе па праекце. І калі будзе згода на падводны парк – ён будзе, не будзе – не будзе падводнага парку”.

Але апускаць на дно возера будуць толькі тыя экспанаты, якія атрымаюць згоду ад Мінпрыроды.