Славацкі МЗС патрабуе неадкладнага вызвалення затрыманых у Мінску
Славаччына лічыць палітычна матываванымі затрыманне апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў заяве МЗС краіны, апублікаванай 20 снежня.
Як паведамляе БелаПАН, МЗС Славаччыны выказвае шкадаванне, што падчас выбараў адбыліся "сур'ёзныя парушэнні міжнародных стандартаў". "Маніпуляцыі былі зафіксаваныя найперш пры падліку галасоў, — гаворыцца ў дакуменце. — Нягледзячы на абяцанне, беларускае кіраўніцтва не змагло забяспечыць празрысты і справядлівы працэс галасавання".
МЗС Славаччыны асуджае "ўжыццё гвалту ў адносінах грамадзян Беларусі, якія выказалі нязгоду з маніпуляцыямі вынікаў выбараў на вуліцах Мінску пасля заканчэння галасавання".
Славацкі МЗС патрабуе неадкладнага вызвалення затрыманых у Мінску і расследавання выпадкаў гвалту ў адносінах ўдзельнікаў акцыі пратэсту і журналістаў.