“Славянскі базар” не разлічыўся з пазыкамі, але запрашае Хварастоўскага

Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” яшчэ не разлічыўся з мінулагоднімі запазычансцямі. Гэтую інфармацыю пацвердзіў дырэктар фестывалю Радзівон Бас. Паводле сп.Баса, фестываль вінны агулам 461 мільён рублёў. Амаль палова гэтай сумы – так званыя “аўтарскія” за выкананне тых ці іншых твораў. 75 мільёнаў не выплацілі за афармленне сцэны, астатняе – пазыкі “маскоўскім кампаньёнам”. Калі іх аддадуць, у дырэкцыі фестываля дакладна сказаць не могуць. Як заробяць, так і аддадуць, бо крэдыт на гэта дырэкцыі браць забаранілі.

Фестываль пачнецца 9 ліпеня, але першыя канцэрты прайдуць ўжо 7-га. Гэта ў традыцыях віцебскага музычнага форуму. Сусветных суперзорак не будзе – Віцебску па-ранейшаму няма чаго ім прапанаваць ў побытавым плане. Ні Хуліё Іглесіяса, ні Элтана Джона проста няма дзе пасяліць, кажа дырэктар фестывалю. Хаця ганарар адной-дзвюх “суперзорак” фестываль мог бы пацягнуць.

Афішы сёлетняга фестывалю мала чым вызначаюцца – Ларыса Доліна, Мікалай Баскаў, Юры Антонаў, Іна Афанасьева, Дзіяна Гурцкая, Аляксандар Пяскоў ды іншыя артысты ўжо не раз “базарылі” ў Віцебску. Пугачовай, Кіркорава, Лявонцьева не будзе – і зоркам трэба адпачыць ад Віцебску, і Віцебску – ад некаторых зорак, кажуць у дырэкцыі.

Затое ў праграме заяўлены сольны канцэрт Дзмітрыя Хварастоўскага. Зорны барытон уразіў прымаючы бок тым, што заказаў адмысловай дліны аўто, а да яго – чыста паголенага кіроўцу ў белай кашулі ды пры гальштуку. І абавязковая ўмова – кіроўца не павінны паліць! Дарэчы, для гледачоў выступленне Хварастоўскага будзе адносна даступным па цане – ад 20 да 55 тысяч рублёў.

За смешны кошт можна будзе пачуць і Дзіму Білана. Ягоны канцэрт зладзяць на плошчы Перамогі. Уваход на плошчу будзе каштаваць 15 тысяч. Каб падзяліць плошчу на зоны VIP, танцпол ды агульную зону, у дырэкцыі пакуль няма магчымасці, так што ўсе 15-20 тысяч гледачоў, на якіх разлічваюць арганізатары, будуць у аднолькавых умовах.

Дарэчы, квіткі на фестывальныя мерапрыемствы сёлета не падаражэлі. Летась дырэкцыя моцна “апяклася” на тым, што ўзвінціла кошт. У сярэднім, залы былі запоўненыя толькі на 60%: у людзей проста не хапала грошай. Так што сёлета “Славянка” стане своеасаблівым індыкатарам, ці павысілася матэрыяльная забяспечанасць беларусаў.