Следчага, які распавёў пра "справу Камароўскага", падалі ў міжнародны вышук
У міжнародны вышук абвешчаны былы следчы жодзінскай міліцыі Андрэй Пыжык.
Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на МУС, яго вінавацяць у крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, а таксама падбухторванні сведак да заведама ілжывых сведчанняў.
Нагадаем, за некалькі дзён да прэзідэнцкіх выбараў на YouTube Пыжык заявіў пра парушэнні законнасці ў краіне. Паводле яго словаў, у Беларусі праваахоўныя органы падначаленыя Адміністрацыі прэзідэнта, адбываецца фальсіфікацыя крымінальных справаў. Пыжык быў следчым у справе пра фальшывыя долары, канфіскаваныя ў кастрычніку 2006 года ў былога "афганца" Аляксандра Камароўскага - апазіцыянера, які збіраўся стаць дэпутатам. Былы следчы абвінаваціў тагачаснага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, а зараз старшыні Савета Рэспублікі Анатоля Рубінава ў ціску на следства. Па словах следчага, фальшывыя долары Камароўскаму былі падкінутыя.
Цяпер МУС заяўляе, што ў верасні 2006 года пры асабістым надглядзе падазраванай у крадзяжы з крамы Пыжык канфіскаваў у яе залаты пярсцёнак з рубінам коштам 600 тысяч рублёў. Падчас ператрусу ў Бабруйску ён, нібыта, забраў у падазраванага 100 тысяч рублёў. Таксама Пыжыка вінавацяць у тым, што, жадаючы паўплываць на ход расследавання, ён пераследаваў пацярпелых і сведак, "ціснуў" на іх дзеля змены сведчанняў, спрабуючы абяліць злачынца.
Паводле версіі міліцыянтаў, Пыжык з сям'ёй пакінуў Беларусь за некалькі дзён да вынясення пастановы пра ўзяцце яго пад варту. Мяркуецца, што ён знаходзіцца ў адной з краін Заходняй Еўропы.