Следчы камітэт закрыў справу кіроўцы МАЗа, які збіў школьніка ў Брэсце

Крымінальная справа супраць кіроўцы МАЗа, які збіў у Брэсце 9-гадовага раварыста, спыненая. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення Следчага камітэту па Брэсцкай вобласці Аляксандр Рахманаў, перадае БЕЛТА.

Няшчасны выпадак адбыўся ўвечары 6 кастрычніка. 39-гадовы кіроўца МАЗа, гружанага пяском, рухаўся па другой паласе праезнай часткі  бульвару Шаўчэнкі, а па крайняй правай паласе рухаўся рэйсавы аўтобус. З-за аўтобусу раптам выскачыў школьнік-раварыст, які перасякаў дарогу па нерэгуляваным пераходзе. Грузавік збіў хлопчыка, які сканаў ад атрыманых пашкоджанняў па дарозе ў лякарню.

Паводле следства, якое скурпулёзна вывучала гэты трагічны выпадак, карціна здарэння выглядала наступным чынам: дзіця на ровары раптоўна выехала з-за аўтобуса і кіроўца МАЗа меў усяго секунду, каб перадухіліць сутыкненне, а гэта немагчыма. Таму ў яго дзеяннях няма складу злачынства і крымінальная справа спыненая.

Следства таксама выявіла, што МАЗ меў перагруз у тры тоны, за што кіроўцу прыцягнулі да адміністратыўнай адказнасці. Аднак гэта ніяк не звязана з тым дарожным здарэннем: грузавік ішоў у рамках дапушчальнай хуткасці на гэтым участку дарогі.

Правераныя і дзеянні медыкаў хуткай, якая прыехала на месца аварыі, але і яны працавалі без парушэнняў.