Слесар Брэсцкай чыгункі 1,5 года не хадзіў на працу, але атрымліваў заробак

Слесар лакаматыўнага дэпо Брэсцкага аддзялення Беларускай чыгункі паўтара года не хадзіў на працу, але атрымліваў заробак. Аб гэтым БЕЛТА распавялі ў Генеральнай пракуратуры. Слесар не з'яўляўся на працу з лістапада 2007 года па сакавік 2009-га. Аднак яго непасрэдны начальнік, майстар цэха лакаматыўнага дэпо, хаваў гэты факт, за што слесар заплаціў яму 8 млн руб. З-за таго, што слесар не выконваў ніякай працы, але атрымліваў заробак, прадпрыемству была нанесеная шкода ў буйным памеры.

Гэты факт быў выяўлены Генпракуратурай пасля вывучэння працы па процідзеянні карупцыі, якая праводзіцца ў Міністэрстве транспарту і камунікацый.

Акрамя гэтага, выявілася, што супрацоўнікі дыстанцыі пагрузна-разгрузных работ Брэсцкага аддзялення БЖД неаднаразова атрымлівалі хабар і незаконныя грашовыя ўзнагароды ад прадстаўнікоў камерцыйных структур за выраб тэхналагічнай дакументацыі ў прыярытэтным парадку.

Агулам, па звестках Генпракуратуры, у 2009 годзе на транспартных прадпрыемствах здзейсненыя 93 карупцыйныя злачынствы (для параўнання: у 2008-м - 68).