СМІ: студэнтка ў Брэсце магла загінуць з-за кепскай адзнакі
Уначы з 10 на 11 траўня цела 20-гадовай дзяўчыны знайшлі пад вокнамі студэнцкага інтэрната.
Да трагедыі ў Брэсце магла падштурхнуць кепская адзнака. Як паведамляла Еўрарадыё, уначы з 10 на 11 траўня каля аднаго з інтэрнатаў Брэсцкага дзяржуніверсітэта імя Пушкіна знайшлі цела 20-гадовай студэнткі. Мяркуецца, што яна выкінулася з акна.
"Наша ніва" паведамляе, што дзяўчына прыехала вучыцца ў абласны цэнтр з Жабінкі, вучылася на 4-м курсе сацыяльна-педагагічнага факультэта. У інтэрнаце кажуць, што прычынай яе ўчынку магла стаць нізкая адзнака: маўляў, вучылася дзяўчына добра, вось і расхвалявалася з прычыны адной адзнакі. Па іншай версіі, узнікла праблема са справаздачай па практыцы. Сёння, 12 траўня, дзяўчына адзначыла б 21-годдзе.
Партал tut.by адзначае, што ў пакоі студэнтка жыла са сваёй сястрой. Яна выпала з акна 5-га паверху і нібыта пакінула перадсмяротную запіску.
Усе абставіны трагічнага здарэння вывучаюць следчыя.
Фота: tut.by