"Советская Белоруссия" не будзе прасіць прабачэння ў Алеся Міхалевіча

Суд Савецкага раёна Мінску не задаволіў іск Алеся Міхалевіча, намесніка старшыні Партыі БНФ, да газеты "Советская Белоруссия" і яе аўтара Арцёма Чалядзінскага, які аказаўся Паўлам Якубовічам, галоўным рэдактарам выдання (дарэчы, у суд ён не з'явіўся). Нагадаем, 11 студзеня сёлета "СБ" надрукавала артыкул, у якім згадваліся апазіцыйныя палітыкі Алесь Міхалевіч і Аляксандр Мілінкевіч. Яны, на думку аўтара, "ніколі ў жыцці" не вырасцілі і не прадалі вядра бульбы.

Міхалевіча гэтае сцверджанне абразіла і ён падаў у суд. Акрамя абвяржэння, Міхалевіч збіраўся спагнаць з прэзідэнцкага выдання кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 6160 рублёў - цаны вядра для бульбы.

Еўрарадыё пацікавілася ў Алеся Міхалевіча, што ён мяркуе рабіць далей і вось што ён адказаў:

"Зразумела, я абскарджу ў Мінскім гарадскім судзе, хаця верагоднасць таго, што штосьці зменіцца, скрайне мінімальная".

Міхалевіч перакананы, што суддзя ў пятніцу адклаў разгляд справы на панядзелак, каб пракансультавацца з кіраўніцтвам:

"Ён, відавочна, не разабраўся ў гэтай справе ў мінулы раз. Можна меркаваць, што ён хацеў даведацца меркаванні начальства і меркаванні з адміністрацыі прэзідэнта па гэтай справе".