Спікер Палаты прадстаўнікоў: правакатары спрабуюць уцягнуць у канфлікт вернікаў

Спікер Палаты прадстаўнікоў: правакатары спрабуюць уцягнуць у канфлікт вернікаў

Беларускія ўлады не збіраюцца звяртаць увагі на меркаванне міжнароднай супольнасці на падзеі ў краіне. Такі асноўны сэнс выступу старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі на пасяджэнні чацвёртай сесіі палаты.

Спікер Палаты прадстаўнікоў заявіў, што афіцыйны Мінск будзе ўмацоўваць сувязі з з усімі замежнымі партнёрамі, зацікаўленымі ў супрацоўніцтве. "Але важна, каб яны выразна разумелі — нам не патрабуецца ні прызнання вынікаў выбараў, ні ацэнак дзеянняў дзяржавы па забеспячэнні правапарадку ў краіне. Беларусы самі ва ўсім разбяруцца", — перадае БЕЛТА яго словы.

Таксама Андрэйчанка паспрабаваў перакласці з улады адказнасць за апошнія падзеі ў краіне — напрыклад, за гібель Рамана Бандарэнкі. Заадно дасталося і хрысціянскім святарам: "Кампанія дыскрэдытацыі дзяржаўных сімвалаў прывяла да гібелі чалавека. Але правакатарам і гэтага мала. Яны ўжо спрабуюць уцягнуць у канфлікт вернікаў і распаліць рэлігійную варожасць".

Напярэдадні Генпракуратура вынесла афіцыйныя папярэджанні каталіцкаму біскупу Юрыю Касабуцкаму і прэс-сакратару Беларускай праваслаўнай царквы Сергію Лепіну, якія абурыліся брутальным знішчэннем мемарыяла ў памяць Рамана Бандарэнкі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.