Справа прадпрымальнікаў сутыкнула інтарэсы МУС і Камітэта дзяржкантролю

Расследаванне крымінальнай справы ў адносінах групы прадпрымальнікаў, якой кіраваў зяць начальніка Акадэміі МУС генерал-маёра Івана Сяргея, закончана Ўпраўленнем фінансавых расследаванняў па Гродзенскай вобласці Камітэта дзяржаўнага кантролю. Старшыня КДК Зянон Ломаць трымае яго на асабістым кантролі.
Як паведамляе "Ежедневник", справа была распачатая ў пачатку года. Толькі падчас ператрусаў супрацоўнікі дзяржкантролю канфіскавалі маёмасці на суму больш за 500 тысяч долараў. Зяць генерал-маёра апынуўся за кратамі. Яму інкрымінуецца незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць, ухіленне ад уплаты падаткаў і крадзеж шляхам злоўжывання службовым становішчам.

Усе гэтыя дзеянні нібыта здзяйсняліся на тэрыторыі Гродзеншчыны і Брэстчыны на працягу двух гадоў. У прыватнасці, група з чатырох чалавек, выкарыстоўваючы рэквізіты ілжэпрадпрымльніцкіх структур, незаконна займалася аказаннем рамонтна-будаўнічых паслугаў мясцовым прадпрыемствам.

У цяперашні час крымінальная справа рыхтуецца для перадачы ў суд. Калі ўсе прэтэнзіі следства знойдуць сваё пацверджанне ў судзе, зяцю начальніка Акадэміі МУС пагражае пакаранне да 12 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці. "Ежедневник" адзначае, што гэтая справа стала чарговай кропкай сутыкнення інтарэcаў двух структур - КДК і МУС.