Stadler вырабіў першую гарадскую электрычку для Беларусі за 6 мільёнаў еўра

Ў швейцарскай кампаніі Stadler сабрана першая гарадская электрычка для Беларусі, якая ў 2011 годзе пачне курсаваць у Мінску паміж станцыямі Мінск-Пасажырскі і Ждановічы. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Беларускай чыгункі.

Дэлегацыя БЧ знаходзіцца ў Швейцарыі, дзе праводзіць агляд першага электрацягніка для новага фармату пасажырскіх перавозак. Ужо ў канцы студзеня цягнік прыбудзе ў Беларусь. "У Баранавічах ён пройдзе перадэксплуатацыйныя выпрабаванні, а ў канцы трэцяга - пачатку чацвёртага квартала 2011 года цягнік пачне курсаваць па маршруце гарадскіх ліній: Мінск - Ждановічы, а ў перспектыве - і да Заслаўя", - распавялі ў прэс-службе.

Чакаецца, што ў канцы зімы - пачатку вясны ў Беларусь прыбудуць другі і трэці швейцарскія электрацягнікі.

Усяго па кантракце кампанія Stadler паставіць для БЧ 10 сучасных электрацягнікоў, кошт кожнага - каля 6 мільёнаў еўра. Плануецца, што ў перспектыве гарадскія электрычкі звяжуць сталіцу з гарадамі-спадарожнікамі. Для гэтага праводзяцца будаўнічыя працы, у тым ліку на ўчастках Лебяжы-Ждановічы і Масюкоўшчына-Лебяжы.