Старшыню асацыяцыі журналістаў выклікалі на допыт у КДБ

Як паведаміў прадстаўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Аляксандраў на слуханнях па Беларусі ў Еўрапарламенце, старшыню БАЖ  Жанну Літвіну сёння выклікалі ў КДБ на допыт у якасці сведкі па заведзенай крымінальнай справе. Андрэй Аляксандраў: "Рэпрэсіўная машына з 19 снежня набірае абароты: ператрусы і допыты незалежных журналістаў, грамадскіх і апазіцыйных актывістаў працягваюцца... Нажаль, незалежная прэса і недзяржаўныя арганізацыі лічаць, што сітуацыя праўдападобна будзе пагаршацца і надалей".

Ад імя шэрага недзяржаўных арганізацый Андрэй Аляксандраў звярнуўся да еўраструктураў і ўрадаў краін Еўрасаюза з прапановамі: прыкласці ўсе магчымыя дыпламатычная намаганні для вызвалення зняволеных, замарозіць удзел Беларусі ва "Усходнім партнёрстве" і праграмах тэхнічнага супрацоўніцтва з ЕС у эканамічнай, энэргетычнай  і трансмежавай сферах да вызвалення і прыбірання крымінальных абвінавачанняў са зняволеных, пачаць незалежнае міжнароднае расследаванне падзеяў 19-20 снежня.

Апрача таго, Андрэй Аляксандраў заклікаў ЕС звярнуцца да беларускіх уладаў з заклікам устрымацца ад выключэнняў студэнтаў з універсітэтаў і грамадзянаў з працы за ўдзел у мірнай дэманстрацыі пратэсту, а таксама прыбраць візавыя кошты за шэнгенскую візу.