Старшыню РЭП забралі на допыт у якасці сведкі па справе 19 снежня

Сёння раніцай, каля 7.40, дахаты да старшыні незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Федыніча прыбылі двое супрацоўнікаў міліцыі, каб правесці яго на допыт.

Генадзь Федыніч паспеў паведаміць Praca-by.info, што супрацоўнікі міліцыі былі апрануты ў цывільнае. Яны паказалі свае службовыя пасведчанні і прапанавалі праехаць з імі на допыт у якасці сведкі па справе пра масавыя беспарадкі 19 снежня. Ніякіх іншых дакументаў міліцыянеры не прад'явілі.

Пазней з'явілася інфармацыя, што Генадзя Федыніча даставілі ў следчае ўпраўленне папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама па вуліцы Сапёраў, 7.

Нагадаем, 14 студзеня ў офісе прафсаюза РЭП супрацоўнікі КДБ правялі ператрус, у выніку якога былі канфіскаваны дакументы, усе кампутары і электронныя носьбіты інфармацыі.