Стэфановіч: Міжнародныя назіральнікі ацанілі б змены ў выбарчым працэсе

Цэнтрвыбаркам вырашыў не запрашаць міжнародных назіральнікаў на сёлетнія выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў. Такой практыкі ў Беларусі не было і раней. Аднак юрыст незарэгістраванага праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч бачыць сэнс у тым, каб запрасіць замежную місію менавіта на гэтую выбарчую кампанію. Валянцін Стэфановіч: “На  мясцовыя выбары, якія мусяць адбывацца ў красавіку, можа, і варта было б запрасіць нейкую місію. Былі прынятыя змены, дапаўненні ў Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь. І гэта будзе першая выбарчая кампанія, падчас якой гэтыя змены будуць абкатаныя. Мы пабачым, як яны дзейнічаюць”.

Гэта не абавязкова павінна быць місія ад АБСЕ. На думку Стэфановіча, можна было б запрасіць назіральнікаў ад Еўрапейскай Сеткі Арганізацый па маніторынгу выбараў (ENEMO), куды ўваходзяць ад недзяржаўныя арганізацыі з краін Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, а таксама з краін былога СССР. Права запрасіць такую місію ў Беларусі маюць толькі дзяржаўныя органы — Савет Міністраў, Палата прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, прэзідэнт, Міністэрства замежных справаў і Цэнтрвыбаркам.

У свеце ж звычайна запрашаюць міжнародныя місіі на мясцовыя выбары толькі ў тым выпадку, калі ў краіне існуюць праблемы з выбарчым працэсам. Як прыклад спадар Стэфановіч згадаў балканскія краіны.