Студэнт філфаку БДУ Ўлад Парыцкі выйграў Кубак Еўропы па “Сваёй гульні”

Пяцікурснік філалагічнага факультэта БДУ Ўлад Парыцкі выйграў Кубак Еўропы сярод студэнтаў (КЕС) па “Сваёй гульні”. Спаборніцтвы ладзіліся ў Пецяргофе з 17 па 19 верасня і традыцыйна сабралі наймацнейшых знатакоў ва ўзросце да 24 гадоў з Расіі, Украіны, Беларусі, Эстоніі ды Азербайджана. Дарэчы, беларускі інтэлектуал летась ужо выйграваў еўрапейскае першынство па “Сваёй гульні”, а ў 2007 годзе быў трэцім. Сёлета ў фінале Ўлад перайграў двух расійскіх знатакоў - Ідэлію Айзятулаву з Санкт-Пецярбурга і Цімура Кафіятуліна з Масквы.

Улад Парыцкі: “Змагацца сёлета давялося, у асноўным, супраць пытанняў. Рэдактар “Сваёй гульні” Аляксей Багаслоўскі ў гэтым годзе пераўзышоў сам сябе і склаў такі пакет пытанняў, каб самыя моцныя гульцы на 6 тэмах набіралі максімум па 150 балаў. Пры гэтым, адказваючы толькі дакладна [6 тэм “Сваёй гульні” – гэта 900 балаў. – Заўв. Еўрарадыё]”.



Беларускаму энцыклапедысту толькі 21 год, і таму ён яшчэ двойчы зможа ўзяць удзел у Кубку Еўропы па інтэлектуальных гульнях сярод студэнтаў.

Сёлета КЕС праходзіў у VI раз. У астатніх гульнях беларусы ўзялі дзве “бронзы”: каманда “Лавсановые волокна” ў “Што? Дзе? Калі?” і каманда “Хронически разумные United” у “Брэйн-рынгу”.





Фота: Аляксандра Кіланава.