Студэнтаў могуць размеркаваць на 10 год і болей

Як даведалася Еўрарадыё, мясцовыя ўлады сочаць за платнікамі, у якіх узніклі праблемы з грашыма. Ім прапануюць заключыць дамову на мэтавае навучанне з доўгай адпрацоўкай. Міністр аховы здароўя Васіль Жарко нечакана заявіў, што райвыканкамы маюць права агаворваць свае ўмовы размеркавання, бо фінансуюць падрыхтоўку студэнта. У Пухавіцкім раёне, паводле словаў міністра, за кожны год навучання "мэтавіка" — два гады адпрацоўкі. Атрымліваецца, што студэнту трэба працаваць аж 10 гадоў!

Рэктар Медыцынскага ўніверсітэта Павел Беспальчук удакладніў для Еўрарадыё, што гэта такі антыкрызісны варыянт для студэнтаў-платнікаў, у якіх узніклі праблемы з грашыма.

Павел Беспальчук: “У Мінскай вобласці абласныя кіраўнікі знайшлі такі варыянт працы. Яны глядзяць, хто з карэнных жыхароў паступіў і займаецца за аплату. І здараецца ў людзей — на платнае паступіў, а грошай недастаткова свабодных. Таму ім прапануецца: калі ласка, давайце які-небудзь раён будзе аплачваць вашае навучанне, ну а вы ўжо адпрацуеце пасля, колькі дамовяцца”.

Згодна са словамі рэктара, прапанова дзейнічае з мінулага года. Аднак сёлета выпускнікоў з такімі доўгатэрміновымі дамовамі не было.

Павал Беспальчук: “Ёсць палажэнне аб размеркаванні, яно адзінае для ўсіх ВНУ — там два гады. Ніякіх іншых лічбаў пакуль няма. А ў ідэале, канечне, хацелася б, каб чалавек працаваў гадоў 35 на адным месцы, у адной установе”.

У Пухавіцкім райвыканкаме кіраўнік адзела кадраў Валянціна Сяргеева распавяла Еўрарадыё, што вымушаныя пайсці на такое, таму што медыкаў не хапае.

Валянціна Сяргеева: “Так, было такое рашэнне. Але я не ведаю, колькі менавіта год ён павінен адпрацаваць. Цяжкае прыкадравае пытанне. Не хапае медыкаў. І не толькі ў нас, увогуле ў вобласці, і ў Мінску ў тым ліку. На нарадзе казалі, што будуць практыкаваць вось такую форму, каб заключаць трохбаковыя дамовы паміж выканкамам, вучэбнай установай і студэнтам, які вучыцца платна”.

Паводле слоў міністра аховы здароўя, падчас размеркавання студэнтаў да кожнага канкрэтнага выпадку спрабавалі падысці з разуменнем, але былі слёзы. Выпускнік Медуніверсітэта Дзяніс Вайніцкі кажа, што таксама паспрабаваў падысці да міністра, каб вырашыць сваю праблему з размеркаваннем.

Дзяніс Вайніцкі: “Мяне размеркавалі ў гарадскі пасёлак Крывічы Мядзельскага раёна. Там жа ніхто нічога не тлумачыў, проста сказалі — і ўсё. Я паспрабаваў падысці да міністра: ён проста сказаў адно слова — “свабодны”. І ўсё”.

Нягледзячы на тое, што размеркаванне на 10 і нават болей год магчыма, рэктар Медыцынскага ўніверсітэта сцвярджае, што няма ў гэтым ніякіх рэпрэсіўных мер.

Павал Беспальчук: “Можна там сказаць для Еўрапейскага радыё: запрашаем усіх паступаць ў Беларускі дзяржаўны медыцынскі універсітэт. Ніякіх тут рэпрэсіўных размеркаванняў або чагосьці не было”.


Таксама глядзі:
Студэнтаў-платнікаў з Медуніверсітэту хітрасцю размяркоўваюць на тры гады
Крызіс не адменіць размеркаванне выпускнікоў
Універсітэты атрымалі па 3-5 заявак на размеркаванне выпускніка

Фота — www.lekar.bg