Студэнтаў-платнікаў з Медуніверсітэту хітрасцю размяркоўваюць на тры гады

Паліклінікі адмаўляюцца браць на інтэрнатуру студэнтаў, якія пасля стажыроўкі не будуць адпрацоўваць два гады. А без інтэрнатуры студэнт — не доктар. У мінулую пятніцу ў Медуніверсітэце размеркавалі выпускнікоў. Студэнтка медыцынскага універсітэта Таццяна Малама кажа, што фармальна платнікі-медыкі не падлягаюць размеркаванню, аднак адмовіцца працаваць тры гады там, дзе ім скажуць, не могуць.

Таццяна Малама: "Пасля 6 курса табе даюць дыплом — і цябе размяркоўваюць, і кажуць ехаць, напрыклад, у Шаркаўшчыну. А студэнт-платнік кажа, што не хоча ехаць у Шаркаўшчыну. Але ён не можа адмовіцца ад размеркавання, бо няма стажыроўкі. А без стажыроўкі ён яшчэ не паўнавартасны ўрач. То бок, студэнту-платніку ўсё адно трэба ехаць".

Пры гэтым выкладчыкі працягваюць гаварыць платнікам, быццам ніякага размеркавання для іх няма. Паводле словаў прарэктара БДМУ Сяргея Дзянісава, яны не размяркоўваюцца, а атрымліваюць накіраванне на працу:

Сяргей Дзянісаў: "Мы на зборы са студэнтамі зразумела ім казалі, што платныя студэнты не падлягаюць размеркаванню. Але мы абавязаныя ім даць першае месца працы, калі яны таго хочуць. Яны не размяркоўваюцца, а атрымліваюць накіраванне на працу — каб не было пасля праблем кшталту суда, каб гэта не пратакол размеркавання быў. Паўтараю выразна: яны не размяркоўваюцца".

Хітрасць у тым, што паліклінікі адмаўляюцца браць на інтэрнатуру студэнтаў, якія пасля стажыроўкі не будуць адпрацоўваць два гады. А без інтэрнатуры студэнт — не доктар.
Як гаворыць размеркаваная ў пятніцу студэнтка-бюджэтніца Вольга Нашацінская, платнікі трапілі ў такія ж умовы, што і яны:

Вольга Нашацінская: "Людзі і плацілі, і размяркоўваліся разам з намі, амаль што на такіх жа самых правах, таксама на тры гады, бо ў інтэрнатуру ніводная клініка цябе не возьме, калі ты не будзеш пасля яшчэ два гады адпрацоўваць".

Паводле слоў прарэктара, выбіраць месца, дзе б адпрацаваць гэтыя тры гады, у платнікаў таксама не атрымліваецца.

ЕРБ: А ці маюць яны права выбіраць, куды ім ісці ў інтэрнатуру?
Сяргей Дзянісаў: І так, і не. Рэч у тым, што пасады лекараў-інтэрнаў — яны ж не ўсюды ёсць. Гэта базы інтэрнатурныя, і колькасць пасад таксама не бязмерная. Таму могуць быць праблемы.
ЕРБ: А якія заробкі ў інтэрнатуры?
Сяргей Дзянісаў: Дзесьці ў інтэрнатуры каля 300 тысяч рублёў атрымліваюць, а пасля каля 400 тысяч. Гэта вельмі мала, гэта ганебны заробак.

Як даведалася Еўрарадыё, у гэтым годзе большасць студэнтаў была размеркаваная ў Мінск, бо спецыялістаў-лекараў у сталіцы таксама катастрафічна не хапае.

Цікава, што студэнты-платнікі Медуніверсітэта заплацілі за сваё навучанне 34 мільёны рублёў (ад 4 740 000 да 5 700 000 рублёў за кожны год). Калі цяпер яны будуць атрымліваць заробак у 300-400 тысяч рублёў, яны адпрацуюць грошы за навучанне за 9 год.


Фота — newsdate.by


Таксама на тэму:
Крызіс не адменіць размеркаванне выпускнікоў
Студэнты-медыкі, якія вучыліся платна, вымушаныя працаваць па размеркаванні
Студэнтаў могуць размеркаваць на прадпрыемства-банкрут?
Размеркаванне: Ганна паехала ў Слаўгарад, а яе муж і дзіця засталіся ў Мінску
У Беларусі ў тэатр могуць размеркаваць на заробак у 40 долараў