Студэнтка Юля: “Я губляла прытомнасць пасля ўдараў кулаком па твары”

Еўрарадыё сталі вядомыя падрабязнасці крымінальнай справы па спробе згвалтавання беларускі Юлі Паповай армянскім начальнікам у Санкт-Пецярбургу 
Еўрарадыё ўжо паведамляла пра гераічнае ратаванне бабруйчанкі Юлі ад свайго шэфа-армяніна Лерніка Таканджана. Распранутая дзяўчына, скокнуўшы з акна, пашкодзіла пазваночнік, у чатырох месцах зламала галёнку і атрымала моцнае страсенне мозгу. Каля тыдня яна была ў цяжкім стане.   

Зараз студэнтка знаходзіцца ў Бабруйску. Пасля размовы з Юляй нам сталі вядомы жахлівыя падрабязнасці гісторыі з начальнікам. 

Усё здарылася ў красавіку. Пасля карпаратыўнай пагулянкі  Таканджан, звар’яцелы ад алкаголю і прыгажосці Юлі Паповай, вырашыў ёй авалодаць. 

Хітры шэф прапанаваў падвезці дзяўчыну дадому. Яе студэнцкі інтэрнат (Юля навучаецца на юрфаку піцерскага дзяржуніверсітэта) знаходзіцца побач з домам Таканджана. Але пайсці да сябе Юля не змагла: шэф зацягнуў яе ў сваю кватэру. 

 “Ён запіхнуў мяне да сябе ў пад’езд, спрабаваў згвалціць і пагражаў пры гэтым забойствам, — узгадвае Юля. —  Ён гвалтоўна мяне распрануў, напэўна, разоў 20 стукнуў мяне кулаком па твары. Я некалькі разоў губляла прытомнасць. Ён дэманстраваў мне шаблю, казаў, што калі я з ім не перасплю, то зарэжа мяне ёй, а таксама выкіне з вакна. І я сама прыняла рашэнне скокнуць з акна”. 



Тры дзяўчынкі, якія гулялі па вуліцы, выклікалі “хуткую”. Каля тыдня Юля была ў рэанімацыі. У пазваночнік ёй усталявалі пажыццёвы імплантант, у галёнку таксама. А першапачатковую крымінальную справу распачалі не супраць Лерніка Таканджана, а супраць…Юлі.  

“Да мяне прыходзілі супрацоўнікі праваахоўных органаў, прадстаўляліся аператыўнікамі, — працягвае дзяўчына. — Казалі, што на мяне гатовы нейкі праект крымінальнай справы. Маўляў, Таканджан заявіў на мяне, што я скрала ў яго залаты медальён і скокнула з вакна. Пазней я даведалася, што крымінальная справа была закрыта як спроба суіцыду”. 

Калі ў Пецярбург прыехаў бацька Юлі, то падаў яе заяву ў пракуратуру. Следчы па асабліва важных справах Пётр Пятроў, нягледзячы на аўтарытэт Таканджана, распачаў крымінальную справу паводле цяжкіх артыкулаў. Начальніку пагражае да дзесяці гадоў пазбаўлення волі. 

Юля Папова: “Паводле артыкула 131 частка 2 пункт В — спроба згвалтавання з пагрозай забойства на няскончанай стадыі. І пабоі”.

У пракуратуры пра падрабязнасці крымінальнай справы пакуль не распавядаюць. Вядома толькі, што матэрыялы крымінальнай справы накіраваныя ў Васілевостраўскі суд Пецярбурга. Першыя судовыя пасяджэнні пачнуцца прыкладна праз месяц.

Фота Аляксандра Ярмакова