Ствараць тое, што і так ёсць, плакаць па тым, што ўжо страчана

Еўрарадыё перачытала публікацыі айчынных СМІ наконт падпісанага падчас Вышэйшага дзяржаўнага савета Беларусі і Расіі пагаднення аб стварэнні агульнай сістэмы супрацьпаветранай абароны “Наша Ніва” паставілася да факту падпісання гэтай дамовы катэгарычна адмоўна. Нават назву свайму артыкулу дала адпаведную – “Беларускае неба прададзена”. А тое, што яно прададзена, вынікае, на думку аўтараў, з таго, што падчас сустрэчы прэзідэнтаў Лукашэнкі і Мядзведзева адначасова былі прынятыя рашэнні як па падпісанні пагаднення аб стварэнні сістэмы СПА, так і па выдзяленні Беларусі расійскага крэдыту.

“Пагадненне аб стварэнні адзінай рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны (СПА) паміж Беларуссю і Расіяй падпісалі 3 лютага ў Маскве Дзмітрый Мядзведзеў і Аляксандр Лукашэнка. Разам з тым памочнік Мядзведзева Сяргей Прыходзька паведаміў, што Расія гатовая прадставіць Беларусі некалькі дзесяткаў мільярдаў рублёў крэдыту дадаткова. Віцэ-прэм'ер Аляксей Кудрын удакладніў: 100 мільярдаў рублёў”, - піша “Наша ніва”.

А далей робіць высновы:

“Расія вядзе ўсё больш і больш агрэсіўную палітыку на постсавецкіх тэрыторыях. Такім чынам у выпадку новага ўзброенага канфлікту Расіі з адной з суседніх дзяржаў у вайну можа быць уцягнутая і Беларусь”.

Стратай часткі свайго суверэнітэту называе падпісанне пагаднення па СПА БелаПАН. А ў якасці доказу прыводзіць меркаванне на гэты конт эксперта аналітычнага цэнтра “Стратэгія” Валерыя Карбалевіча.

“Фактычна найбольш баяздольная частка беларускай арміі пераходзіць пад кантроль нейкага аб’яднанага цэнтра, на чале якога, без усялякіх сумневаў, будзе стаяць расійскі генерал. А гэта азначае, што Беларусь рэальна губляе частку свайго суверэнітэту”, - цытуе Карбалевіча інфармацыйнае агенцтва.

І робіць уласныя высновы:

“Такім чынам, можна сказаць, што пастаянныя апасенні беларускай апазіцыі, якая падазрае прэзідэнта Беларусі ў намеры здаць Расіі незалежнасць краіны, у пэўнай ступені пацвердзіліся”.

Цалкам супрацьлеглым настроем прасякнутыя матэрыялы на тэму падпісання пагаднення па СПА ў афіцыйнай прэсе. Так агенцтва БЕЛТА, цытуючы Галоўнакамандуючага паветранымі сіламі Расіі Аляксандра Зеліна, наадварот з гонарам кажа пра то, што Беларусь стане “падушкай бяспекі” для паветранай прасторы Расіі:

“Генерал-палкоўнік Аляксандр Зелін адзначаў у інтэрв’ю расійскім СМІ, што ў рамках гэтай сістэмы Беларусь стане першым эшалонам аховы сумеснай паветранай прасторы на заходняй мяжы Саюзнай дзяржавы ад краін Балтыі да Украіны”.

А самая масавая газета краіны “Советская Белоруссия” звяртае ўвагу на тое, што толькі дзякуючы цвёрдай пазіцыі беларускай дэлегацыі і прэзідэнта Лукашэнкі асабіста, ім удалося настаяць на падпісанні гэтага пагаднення. Бо менавіта гэта не менш, як самае актуальнае пытанне саюзнага будаўніцтва.

“Мінск, як вядома, не хацеў удзельнічаць у фармальным Дзяржсавеце. Спатрэбілася дзве падрыхтоўчыя сустрэчы прэзідэнтаў і некалькі тэлефонных перамоваў, але ў выніку павестка дня, падрыхтаваная беларускім бокам, уключыла ў сябе ўсе актуальныя пытанні саюзнага будаўніцтва”, - адзначае “Советская Белоруссия”.

І няма чаго, лічаць аналітыкі “СБ”, рабіць з факту падпісання пагаднення "смажаную сенсацыю".

“Безумоўна, пры вялікім жаданні можна было неяк вывернуць навіну аб стварэнні Беларуссю і Расіяй адзінай рэгіянальнай сістэмы СПА і зрабіць з яе смажаную сенсацыю. Але, як выказаўся міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў, гэта не больш, чым канстатацыя таго, што ўжо шмат гадоў працуе ў Саюзнай дзяржаве”, - піша газета.

Але тады ўзнікае пытанне наконт таго, навошта было ствараць тое, што і так ёсць, ці плакаць па страце таго, што і так даўно страчана.

Фота - mk.ru