Ствараецца грамадская ініцыятыва "Астравецкая атамная - гэта злачынства"

Аргакамітэт па стварэнні грамадскай ініцыятывы "Астравецкая атамная - гэта злачынства" сфарміравалі сем жыхароў Астравецкага раёна. Яго ўзначаліў індывідуальны прадпрымальнік, былы настаўнік геаграфіі Мікалай Уласевіч.
У звароце аргакамітэта выказаная заклапочанасць магчымым будаўніцтвам беларускай АЭС у Астравецкім раёне.

Сябры аргкамітэта зазначаюць, што АЭС "па вызначэнні не можа быць пабудавана ў самай сейсманебяспечнай зоне, якой з'яўляецца Астравецкі раён". Яны перакананыя, што "будаўніцтва АЭС у постчарнобыльскай Беларусі - гэта не проста памылка, а злачынная задума, якая непазбежна прывядзе да яшчэ адной вялікай і непапраўнай бяды, што выходзіць далёка за межы нацыянальных маштабаў".

У сувязі з гэтым сябры аргкамітэта звяртаюцца да ўсіх органаў дзяржаўнай улады і грамадзян Беларусі, а таксама да еўрапейскай супольнасці, МАГАТЭ і СМІ з заклікам: "спыніце, пакуль гэта яшчэ не позна, рэалізацыю праекта пад назвай "Астравецкая атамная". Аўтары звароту заклікаюць грамадзян далучыцца да ініцыятывы "Астравецкая атамная - гэта злачынства".

БелаПАН нагадвае, што Астравецкая пляцоўка названа афіцыйнымі чыноўнікамі найбольш магчымым месцам будаўніцтва першай беларускай АЭС.