Суд над арганізатарамі "жывога шчыта" прызначаць на наступным тыдні

На наступным тыдні суд прызначыць дату пачатку судовых слуханняў па справе супрацоўнікаў ДАІ. Перад судом стануць міліцыянты, якія ў сакавіку затрымоўвалі "жывым шчытом" на трасе "Мінск-Мікашэвічы" п'янага кіроўцу Рамана Менцюка, паведамляе "Інтэрфакс". У суд перададзеныя матэрыялы крымінальнай справы на двух супрацоўнікаў ДАІ Кастрычніцкага раёна Мінску. На яшчэ дваіх крымінальную справу спынілі з прычыны адсутнасці ў іх дзеяннях складу злачынства. Следства высветліла, што яны прыбылі на месца здарэння, калі п'яны кіроўца быў ужо спынены.

У сваю чаргу, усе шасцёра пацярпелых па гэтай справе падалі грамадзянскі пазоў на супрацоўнікаў ДАІ на суму 50 млн руб. кожны. У такую суму яны ацанілі свае маральныя страты. Акрамя таго пацярпелыя выставілі пазоў супрацоўнікам ДАІ ў памеры 25 млн руб. за матэрыяльныя страты.