Суд над пратэстантамі з "Новага Жыцця" працягнецца 20 траўня

Такое рашэнне прыняў суддзя Мінскага гаспадарчага суда Алег Клюйко.  Як раней паведамляла Еўрарадыё, працэс па справе царквы "Новае Жыццё" пачаўся 12 траўня. У гэты дзень адбыліся выступы бакоў. Эколагі Мінгарвыканкаму заявілі, што пратэстанцкая грамада нанесла вялікую шкоду прыродзе, і выставілі пазоў у 249 млн рублёў - больш за 80 тысяч долараў. Раней эколагі патрабавалі каля 100 тысяч долараў.

Як паведаміў Еўрарадыё юрыст царквы Сяргей Луканін, ён перш-наперш прапанаваў суддзі адмовіцца ад вядзення справы:

Луканін: "Першае, што я сказаў, - гэта я прапанаваў суддзі адмовіцца ад працягу гэтага судовага працэсу. Бо гэтая справа, як я яму сказаў, цалкам сфабрыкаваная гарадскімі ўладамі супраць нашай царквы".

На думку юрыста, мэта гарадскіх уладаў - знішчыць царкву "Новае Жыццё" і запалохаць іншыя цэрквы ад магчымага супраціву.

Луканін: "І я папярэдзіў спадара Клюйко, што ў гэтым выпадку ён можа пайсці супраць царквы Божай. І гэта, магчыма, накладзе адбітак на яго вечнае жыццё ў будучыні".

Выслухаўшы юрыста царквы і зладзіўшы паўгадзінны перапынак, суддзя і прыняў рашэнне адкласці працэс на тыдзень.