Суд не пагадзіўся параўнаць "Народную Волю" з эратычным выданнем

Пенсіянер Аляксандр Пестракоў падаў у суд на недзяржаўную газету "Народная Воля". Ён хоча, каб выданне папрасіла прабачэння ў ветэранаў і дапісала ў назве, што газета не падзяляе дзяржаўнай палітыкі. Нагодай для суда стала публікацыя ўрыўкаў з кнігі ўспамінаў Іллі Копыла "Нябышына. Вайна". На думку пазоўніка, у гэтай кнізе "напісаная адна няпраўда". Сам Пестракоў нарадзіўся ў 1948 годзе, а аўтар успамінаў падчас вайны меў 9 гадоў. Аднак Пестракоў лічыць, што ва ўспамінах Копыла напісаная няпраўда і "Народная Воля" павінна адказаць за распаўсюд ілжывых звестак.

Таксама пенсіянер папрасіў суд абавязаць газету зрабіць прыпіску пад назвай, што гэтае выданне з'яўляецца апазіцыйным і не падзяляе дзяржаўнага пункту погляду. Як у эратычных выданнях пазначаецца, што іх можна чытаць толькі з пэўнага ўзросту, так і "Народная воля" павінна пісаць, што газета небяспечная для псіхікі моладзі, упэўнены пенсіянер.

У сувязі з незаконнымі патрабаваннямі пазоўніка галоўны рэдактар Іосіф Сярэдзіч папрасіў спыніць разгляд справы. Суд пагадзіўся з пазіцыяй газеты:

Сярэдзіч: "Суд не прыняў да разгляду, а фактычна адхіліў пазоў. Справа ў тым, што паводле заканадаўства не мае права чалавек прымушаць газету прасіць прабачэння ў безадрасных фігурантаў. У людзей без імён, без прозвішчаў, без адрасоў... Што значыць "мы пакрыўдзілі падпольшчыкаў"? Мы можам пакрыўдзіць канкрэтнага падпольшчыка, канкрэтнага партызана, урэшце... Але ж і пра гэта справа не ішла ў кніжцы!"