Суд пачаў разгляд справы супраць дырэкцыі па будаўніцтве АЭС

Папярэдняе паседжанне прайшло ў Астравецкім судзе 1 чэрвеня. Як распавёў у гутарцы з Еўрарадыё юрыст Сяргей Магонаў, з пазовам звярнуліся ён сам і грамадскае аб'яднанне "Экадом".  Эколагі патрабуюць, каб чыноўнікі выканалі закон і падалі ім поўны тэкст Ацэнкі ўздзеяння АЭС на навакольнае асяроддзе. Цалкам ён займае 3,5 тысячы старонак. Апублікаваныя ж толькі высновы - 600 старонак тэксту. Па словах эколагаў, чыноўнікі парушаюць палажэнні Орхускай канвенцыі і заканадаўства Беларусі.

Магонаў: "Заканадаўства прапісвае, што інфармацыя прадастаўляецца ў форме, аб'ёме і выглядзе, які просіць грамадскасць. То бок, мы папрасілі, напрыклад, у пісьмовым - яны павінны даць у пісьмовым. Папрасілі ў электронным - яны павінны даць у электронным... І ў тым аб'ёме, у якім папрасілі. То бок, просім усю Ацэнку ўздзеяння - значыць, усю, просім высновы на 600 старонак - калі ласка, на 600 старонак".

Прадстаўнікі Дырэкцыі па будаўніцтве АЭС прапануюць эколагам прыйсці і азнаёміцца з поўным дакументам на месцы. Прычым зрабціь гэта можа кожны ахвотны і нават не грамадзянін Беларусі. Чаму чыноўнікі не хочуць даць эколагам дакумент хаця б у электронным выглядзе, сп. Магонаў не разумее. Магчыма, мяркуе ён, яны проста вырашылі трымацца адзін раз агучанай пазіцыі: не далі адразу, то не варта даваць і цяпер.

Наступнае паседжанне з нагоды пазову "Экадома" да дырэкцыі АЭС адбудзецца 16 чэрвеня.