Суд пачаў разглядаць справу аб падпале дзвюх жанчын у бабруйскай кавярні

Суд пачаў разглядаць справу аб падпале дзвюх жанчын у бабруйскай кавярні

Суд пачаў разглядаць справу аб падпале дзвюх жанчын у бабруйскай кавярні. Першае пасяджэнне прайшло ў судзе горада 24 траўня. Справа — грамадзянская, у распачынанні крымінальнай пацярпелым адмовілі.

Пацярпелыя Галіна Голуб і Людміла Лацук патрабуюць кампенсацыі ў 80 мільёнаў.

Здарэнне адбылося ў бабруйскай кавярні “Дольчэ Віта” летась 12 верасня. Інцыдэнт выпадкова знялі на відэа. Бачна, як падчас падачы шашлыкоў загарэлася барная стойка і адначасова з ёй — дзве наведвальніцы кавярні. Сёстры Галіна (54 гады) і Людміла (44 гады) ў літаральным сэнсе ўспыхнулі. Іх пачалі тушыць. А праз паўхвіліны пасля загарання сясцёр вядучая прамаўляе: “Брава! Брава нашай падачы шышлыкоў!” Пасля гэтага нехта закрычаў: “Што вы сабе дазваляеце! Людзі ледзь не загінулі!”.

Першае судовае пасяджэнне цягнулася нядоўга, бо адказчык не меў магчымасці прысутнічаць на судзе. Наступнае прызначанае на першае чэрвеня.

Раней дырэктар кавярні Мікалай Маковіч выказаў Еўрарадыё версію, што на жанчынах загарэўся лак для ўкладкі валасоў. А справакавалі сітуацыю неасцярожна разлітыя кроплі алкаголю. Пацярпелыя перакананыя, што на барнай стойцы незаконна разлілі спецыяльную вадкасць для падпальвання.

“Мы будзем заяўляць сведак, якія наведвалі кавярню да здарэння з намі. Гэтыя людзі былі сведкамі такога ж фаер-шоў, і нават знялі гэты працэс на відэа. Запальваць агонь у такой кавярні не мелі права. Гэта нам афіцыйна патлумачылі ў МНС. Там нават свечкі запаліць не мелі права”, — лічыць прадстаўніца пацярпелай сям’і.

Таксама сёстры Галіна і Людміла распавядаюць, што дагэтуль у іх так ніхто і не папрасіў прабачэння.