Суд прызнаў законным звальненне акцёра, арыштаванага на Плошчы

Акцёр Павел Харланчук граў галоўныя ролі ў аншлагавых пастаноўках Рускага тэатра імя Горкага, такіх як “Единственный наследник” і “Доходное место”. Пра яго казалі як пра новы твар беларускага тэатра, пакуль у сакавіку мінулага года ён не пайшоў на Кастрычніцкую плошчу і не трапіў на дзесяць сутак у турму.
Акцёрскае майстэрства губляецца за дзесяць дзён без працы, вырашылі ў тэатры. Два замененыя спектаклі каштавалі акцёру вышэйшай катэгорыі Паўлу Харланчуку не толькі месца працы і кватэры, але і запісу ў працоўнай кніжцы: прафесійна непрыдатны.

Якіх акцёрскіх якасцяў пазбавіўся за такі кароткі час Харланчук, высвятлялі на судзе, дзе акцёр спрабаваў аспрэчыць сваю раптоўную непрыдатнасць да прафесіі.

Аказалася, што ніхто не можа патлумачыць, што мелі на ўвазе мастацкі савет і атэстацыйная камісія, якія вынеслі такі прысуд. Не можа і абвергнуць. Гаворыць Павел Харланчук.

Павел Харланчук: “Заканадаўствам нельга абскардзіць рашэнне атэстацыйнай камісіі.

То бок калі я, напрыклад, збяру атэстацыйную камісію супраць любога акцёра, збяру людзей, якія не любяць акцёра, няхай нават Луі дэ Фюнэса, і мы прызнаем, што ён дрэнны акцёр, — то гэта ўжо падстава, каб звольніць чалавека”
.

Атэстацыйная камісія, у якой чамусьці захацеў паўдзельнічаць намеснік міністра культуры, аднагалосна прагаласавала супраць Харланчука.

Намеснік міністра спытаў там акцёра: “Калі б заўтра быў Майдан, ты б пайшоў?”“Гэта мая асабістая справа”, — прагучала ў адказ. Акцёр кажа, што адказ быў бы іншым, калі б у пытанні быў выбар: на плошчу ці на працу.

Год таму Харланчук пайшоў на плошчу толькі пасля таго, як адыграў свой спектакль. Звольнілі акцёра нібыта не за палітыку, але са словамі “палітыка і тэатр несумяшчальныя”.

Павел Харланчук: “Асноўны ўхіл быў з боку намесніка міністра культуры, маўляў, я прынёс “вытворчы ўрон”. Тым, што пакуль я адбываў дзесяць сутак, замянілі два спектаклі.

Гэта непрымальна для акцёра, гэта не адказвае майму статусу, я не павінен быў так рабіць… Але ў нас у тэатры такое адбываецца раз на два месяцы, бо здараецца штосьці – напрыклад, нехта хварэе”
.

Калі хварэў Харланчук, мастацкі кіраўнік на сваёй машыне забіраў яго з лякарні, і той граў у спектаклях. Не сышоў акцёр са сцэны і калі атрымаў моцную траўму рукі падчас спектакля.

Ён не прапускаў рэпетыцый і не зрываў спектакляў. Таму абвінавачванням яго у безадказнасці не верыў ніхто. Ды й за два пропускі не абавязкова звальняюць, могуць аб’явіць вымову, пазбавіць прэміі і г.д. Сітуацыю каментуе адвакат Павел Сапелка.

Павел Сапелка: “Фактычна Харланчук дапусціў прагул: не з’явіўся на працу па непаважнай прычыне. Ён мог быць прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці (нават да звальнення) у месячны тэрмін.

Але гэты тэрмін быў прапушчаны. Тады потым, у верасні, старшыня прафкома сказаў: “Мы не можам звольніць цябе на законных падставах”. І яго звольнілі на незаконных”
.

Адвакат кажа, што парадак звальнення Харланчука быў парушаны. У тэатры былі іншыя вакантныя пасады, якія яму мусілі прапанаваць.

Суд вырашыў справу не на карысць акцёра, бо прызнаць, што чалавека звольнілі з-за яго палітычнай пазіцыі роўна прызнанню таго, што ў нас існуе палітычны ціск. Але адвакат Харланчука кажа, што змагацца яны не перастануць.

Павел Сапелка: “Будзе вывучаны пратакол судовага паседжання. Калі там будуць знойдзены памылкі, мы прад’явім запіс паседжання. Тады складзем канстытуцыйную скаргу, якую пададзім у Калегію па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суда.

Калі рашэнне Мінскага гарадскога суда нас не задаволіць, мы будзем абскарджваць рашэнне аж да старшыні Вярхоўнага суда”
.

Павел Харланчук кажа, што не губляў аптымізму, а пакуль яго можна пабачыць на сцэне Сучаснага мастацкага тэатра, што месціцца ў будынку канцэртнай залы “Мінск”.

Фота — www.rustheatre.nm.ru