Суд закрыў справу кіроўцы, які бясплатна падвозіў пасажыра са Свіслачы
Эканамічны суд Мінскай вобласці закрыў рэзанансную справу аўтамабіліста Івана, які бясплатна падвёз спадарожніка з пасёлку Свіслач да Мінска і быў пакараны Транспартнай інспекцыяй за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Перад высадкай пасажыр пакінуў у салоне аўто 25 тысяч рублёў і кантралюючыя органы палічылі гэта парушэннем.
Транспартнікам неаднаразова паступалі сігналы ад грамадзян, што са Свіслачы ў Мінск ездзяць нелегалы і перавозяць пасажыраў без ліцэнзіі. Таму інспектары старанна правяралі аўтамабілістаў: спынялі машыны з пасажырамі. Адметна, што ў доказнай базе, пададзенай у суд, была скарга ад 31 (!!!) лютага.
15 сакавіка яны ўбачылі, як на прыпынку з BMW выйшаў пасажыр. Інспектары пад’ехалі і спыталі ў хлопца, ці плаціў ён грошы за паездку. Той сказаў, што даў кіроўцы 25 тысяч рублёў.
Гэты пасажыр даў паказанні ў судзе і заявіў, што гаворкі пра аплату за праезд з кіроўцам не было ні да паездкі, ні падчас яе, ні пасля прыбыцця на канцавы пункт. Калі хлопец выходзіў з машыны, то незаўважна пакінуў на падлакотніку паміж сядзеннямі 25 тысяч рублёў — у якасці ўдзячнасці за перавозку.
Грунтуючыся на паказаннях сведкі, суд вырашыў закрыць справу за адсутнасцю доказаў, піша TUT.by