Суддзя адмовіўся тлумачыць Васілю Хадзькову рашэнне аб яго высяленні

Суддзя суда Маскоўскага раёна Мінска Юрый Шастакоў адмовіўся патлумачыць Васілю Хадзькову рашэнне аб яго высяленні ў сувязі з будаўніцтвам метро. Адкрытае судовае пасяджэнне завяршылася ўчора ўвечары.
Нагадаем, яшчэ 19 кастрычніка 2007 года суд Маскоўскага раёна прыняў рашэнне выселіць Хадзькова з яго ўласнага дома, які складаўся з дзвюх кватэр, па праспекце Дзяржынскага ў двухпакаёвую кватэру ў жылым доме па вуліцы Рафіева разам з чужымі для адказчыка людзьмі — былой жонкай і сынам.

Адначасова суддзя адмовіла Хадзькову ў задавальненні сустрэчнага пазову аб даванні яму аднапакаёвай кватэры. Пасля гэтага ён не раз звяртаўся ў суд і пракуратуру, у тым ліку чатыры разы ў Вярхоўны суд.

Тым не менш, 17 лютага Хадзькова, які адмаўляўся пакідаць свой дом, затрымалі і адвезлі ў аддзяленне міліцыі. Пасля гэтага пачаўся знос дома, падчас якога ён згарэў.

БелаПАН