Супрацоўнікаў фірмы-імпарцёра "Садочка" выпусцілі з-пад варты

З Жодзінскага следчага ізалятара на волю выйшлі супрацоўнікі фірмы “Владпродимпорт” - імпарцёра сока "Садочак" - (9 рэгіянальных прадстаўнікоў, дырэктар і намеснік), якія былі затрыманыя ў жніўні па падазрэнні ў датычнасці да выбуху ў Мінску 4 ліпеня.
Пра гэта Еўрарадыё паведаміў бацька арыштаванага рэгіянальнага прадстаўніка фірмы ў Баранавічах Віктар Дранюк:

"Падазрэнне ў арганізацыі выбуху знятае, а там яны адпушчаныя пад падпіску аб нявыездзе. Гэта значыць, што іх трымалі, пакуль фірма не заплаціла сур'ёзную суму".

Паводле некаторай інфармацыі, супрацоўнікі фірмы былі вызваленыя пад залог 2 млрд рублёў.

Нагадаем, падчас расследавання высветлілася, што партыя соку, якую шукае следства, была збытая па "шэрых" схемах, праз ілжэпрадпрымальніцкія структуры. Але некалькім кіраўнікам і супрацоўнікам кампаніі "Владпродимпорт" выставілі абвінавачванне за нявыплату падаткаў.