Суздальцаў: “Масква спрабуе зразумець логіку мысьлення Лукашэнкі"

На думку расійскага палітолога Андрэя Суздальцава, Масква зараз заняла пазіцыю чакання ў "беларускім пытанні". Расійскія ўлады, нібыта, дагэтуль не разабраліся чаго ад сваіх дзеянняў чакае Аляксандр Лукашэнка. Андрэй Суздальцаў: “Масква спрабуе зразумець логіку мысьлення Лукашэнкі — што ён пра гэта ўсё мяркуе. Мы цудоўна разумеем тут, у Маскве, што свабода манёўра ў беларускага прэзідэнта вельмі абмежаваная”.

Нагадаем, саміт Еўрасаюза ў пятніцу зацвердзіў план "Усходняе партнёрства", паводле якога прадугледжваецца стратэгічнае супрацоўніцтва з шасцю рэспублікамі былога СССР — Беларуссю, Украінай, Малдовай, Грузіяй, Арменіяй і Азербайджанам. А ён, як вядома, прадугледжвае ўключэнне гэтых краін у зону палітычнага і эканамічнага ўплыву ЕС. Адзінай рэакцыяй Расіі пакуль было толькі абвінавачванне міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова ў бок Еўрасаюза, які, паводле яго слоў, аказвае ціск на Беларусь.

Паводле меркавання Суздальцава, Расія не так моцна баіцца паляпшэння стасункаў Беларусі з Захадам, як пра гэта прынята казаць, найперш таму, што ў нашых краінах моцна развітыя эканамічныя стасункі і ўзаемная залежнасць.

Андрэй Суздальцаў: “Гэта праблематычна, але не крытычна. Трэба ўлічваць, што эканамічныя сувязі паміж Мінскам і Масквой вялізныя і эканамічны ўплыў Расіі на Беларусь таксама вялікі. Таму ў нас ставяцца да гэтага ўсяго спакойна”.

Таксама Андрэй Суздальцаў лічыць, што "беларускае пытанне" можа стаць прадметам абмеркавання паміж Расіяй і ЗША і, калі рашэнне будзе прынятае, ЕС яму "падпарадкуецца":

“Еўрасаюз дагэтуль яшчэ не з’яўляецца суб’ектам сусветнай палітыкі, як не дзіўна. Ён суб’ект сусветнай эканомікі, але не сусветнай палітыкі. А вось калі Масква ўзгодніць галоўныя, прынцыповыя пытанні з Вашынгтонам, то тады, вядома, у Аляксандра Лукашэнкі можа наступіць цяжкая хвіліна”.