Свабодны прафсаюз могуць закрыць з патрабавання працоўных

Старшыня суполкі Свабоднага прафсаюза Беларускага ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце Валянцін Лазарэнкаў атрымаў дзіўную паперу (гл. фота). Кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста Еўтух патрабуе ў двухдзённы тэрмін прадаставіць дакументы па васьмі пазіцыях. Матывуе нейкім “зваротам выкладчыкаў і супрацоўнікаў Установы Адукацыі “БРДУ імя Пушкіна”. Вось што сказаў Еўрарадыё Валянцін Лазарэнкаў:

"Я па сёння не азнаёмлены ні з якім зваротам выкладчыкаў і супрацоўнікаў. Па-другое, комплексная праверка прафсаюза ў 2008 годзе закончылася падпісаннем акта. Ніякіх парушэнняў не выяўлена. Гэта вызваляе нас ад праверак на наступныя тры гады. Па-мойму, адбываецца наступнае: у сувязі з невыкананнем рашэнняў па справе аб парушэннях правоў прафсаюзаў у Беларусі, праводзіцца чарговая атака на знішчэнне незалежных, свабодных прафсаюзаў".


Паводле інфармацыі прафсаюзнага дзеяча, у жніўні людзей адклікалі з адпачынку і зноўку, як летась, прымушалі выйсці з прафсаюза. Пагражалі непрадаўжэннем кантракта, немагчымасцю абароны дысертацыі і да т. п.

Валянцін Лазарэнкаў сказаў, што адмыслова праводзіў апытанне і высветліў, што ў рэгіянальных органах улады не ведаюць аб прынятай зімой Праграме ўрада па супрацы з незалежнымі прафсаюзамі дзеля выканання патрабаванняў Міжнароднай арганізацыі працы і вяртання прэферэнцыяў у гандлі з краінамі Захаду.

Чакаецца прыезд у Брэст кіраўніка Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука.