Сябры БРСМ правялі акцыю на Камароўцы супраць НТВ (фота)

Сябры БРСМ правялі каля Камароўскага рынку акцыю супраць расійскага тэлеканала НТВ, паведамляе Радыё Свабода. Удзельнікаў акцыі было не больш за дзесяць. Яны паставілі на плошчы ля ўваходу на Камароўскі рынак тэлевізар, туалетную паперу, селі на канапу і распырсквалі асвяжальнік паветра. Адзін з удзельнікаў акцыі праз мегафон крычаў, што тэлеканал НТВ смярдзіць, бо заўсёды падае хлусню. Ён заклікаў мінакоў далучыцца да гэтай акцыі. Сябры БРСМ шукалі ў натоўпе людзей сталага веку і апелявалі да іх. Але раптам атрымалі адпор. Людзі пачалі выказваць сваю салідарнасьць з каналам НТВ і казалі, што гэта адзіны канал, дзе можна атрымаць праўдзівую інфармацыю. Людзі абвінавачвалі сяброў БРСМ у тым, што яны абслугоўваюць Лукашэнку. Таксама людзі абвінавацілі беларускія тэлеканалы ў ілжывай інфармацыі.

Апытаныя ўдзельнікі акцыі сказалі, што не глядзелі фільм "Хросны Бацька". Таксама яны сказалі, што акцыя дазволена менскімі ўладамі. Прадстаўнік Мінгарвыканкаму не адказаў на пытанне, ці бралі ва ўладаў дазвол на акцыю сябры БРСМ. Маўляў, вельмі шмат дазволаў і ўсе іх запомніць немагчыма.