Сяргей Каваленка на псіхіятрычнай экспертызе: Кажуць, у мяне добрая памяць

Віцебскі актывіст Сяргей Каваленка ў гэты момант праходзіць псіхіятрычную экспертызу. Еўрарадыё датэлефанавалася да Каваленкі непасрэдна ў час лекарскага агляду. Сяргей Каваленка: “Я зараз у псіхіятра знаходжуся. Была камісія. Зараз я ў псіхолага, тут мне тэсты робяць: на памяць словы даюць, потым колеры глядзяць — якія я карткі адбраў, і глядзелі табліцы 5 на 5. Доктар кажа, што трэба далей яшчэ размаўляць. Кажуць, добрая вельмі памяць”.

Нагадаем, 7 студзеня сябра партыі КХП-БНФ Сяргей Каваленка вывесіў нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг на галоўную навагоднюю ёлку ў Віцебску. На актывіста пачалі крымінальную справу за хуліганства, што пагражала яму 6 гадамі зняволення.

18 снежня следчыя паведамілі Каваленку, што яму прызначаная псіхіятрычная экспертыза. Таксама яму змянілі артыкулы Крымінальнага кодэксу. Цяпер Каваленку вінавацяць у хуліганстве і супраціве міліцыянтам. Максімальны тэрмін па гэтых абвінавачаннях — да 5 гадоў пазбаўлення волі.