Сяргей Мартынаў адправіўся на сустрэчу з Тройкай Еўрасаюза

Беларускі міністр замежных справаў Сяргей Мартынаў сустрэнецца 28 ліпеня з кіраўніцтвам Еўрасаюза ў Брусэлі Сустрэча адбудзецца ў рамках саміта міністраў замежных справаў Еўрасаюза. Плануецца, што бакі абмяркуюць апошнія змены ў беларускай сітуацыі ды міжнародныя адносіны. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў прэс-цэнтры Міністэрства замежных справаў Швецыі.

Супрацоўнік прэс-цэнтра: “Пакуль магу сказаць толькі тое, што будзе абмяркоўвацца сітуацыя ў Беларусі. Ну і, канечне, адносіны паміж Еўрасаюзам і Беларуссю. Сюды ўваходзіць і Усходняе Партнёрства”.

Нагадаем, з кастрычніка 2008 года чыноўнікі Еўрасаюза сустракаюцца з беларускімі міністрамі кожныя 6 месяцаў. Апошняя сустрэча адбылася сёлета ў студзені.

На заўтрашняй сустрэчы Еўрасаюза з беларускай дэлегацыяй сустрэнуцца Высокі прадстаўнік Еўрасаюза па замежных справах і справах бяспекі Хаўер Салана ды камісар па знешніх сувязях Беніта Ферэра-Вальднэр. Старшынём дэлегацыі Еўрасаюза прызначаны шведскі міністр замежных справаў Карл Більт.


Фота — "Телеграф"