Сярод кандыдатаў эксперты вызначылі пераможцаў у "несур'ёзных намінацыях"

Сярод кандыдатаў у прэзідэнты эксперты дыскусійна-аналітычнай супольнасці "Ліберальны клуб" вызначылі пераможцаў у "несур'ёзных намінацыях", паведаміў 14 снежня на прэс-канферэнцыі ў Мінску эксперт клуба Аляксандр Апейкін, перадае БелаПАН
Паводле яго слоў, у намінацыі "За лаканічнасць" пераможцам стаў Дзмітрый Ус, бо агульная працягласць двух яго выступленняў па тэлебачанні склала ўсяго 13 хвілін.

У намінацыі "Менеджар па генеральным прыбіранні" першае месца заняў Мікалай Статкевіч, які заявіў, што на дарозе грамадства да лепшага жыцця ляжыць вялізны камень, які трэба прыбраць, і аб'явіў аб правядзенні гэтай прыборкі 19 снежня.

Пераможцам у намінацыі "Кандыдат-мультымільянер" прызнаны Яраслаў Раманчук, які ў сваёй праграме заявіў пра неабходнасць стварэння мільёна працоўных месцаў.

У намінацыі "За эвалюцыйнае развіццё" пераможцам стаў Аляксандр Лукашэнка, таму што ён пастаянна казаў пра гэта ў сваіх выступленнях.

Найлепшым у намінацыі "Тэатр абсурду" прызнаны Віктар Цярэшчанка, бо падчас яго выступленняў многія задаваліся пытаннем, што кажа кандыдат і якія палажэнні ён імкнецца данесці да людзей.

У намінацыі "За творчую смеласць" найлепшым прызнаны Алесь Міхалевіч, бо ён праігнараваў усе аўтарскія правы і выкарыстаў лозунг Лукашэнкі "Разам мы — Беларусь".

Пераможцам у намінацыі "За праўду-матку" стаў Рыгор Кастусёў: яго вобраз асацыюецца з мужыком, які не баіцца адкрыта казаць горкую праўду жыцця.

Найлепшым у намінацыі "Святая прастата" прызнаны Віталь Рымашэўскі, які мяркуе, што існыя ў краіне праблемы можна вырашыць вельмі проста.

У намінацыі "Джэнтльмены ўдачы" найлепшымі сталі Андрэй Саннікаў і Уладзімір Някляеў, якія заключылі джэнтльменскае пагадненне і, паводле слоў эксперта, даволі ўдала правялі свае перадвыбарныя кампаніі.