Сярод літоўскіх дыпламатаў у Беларусі з’явіцца спецпрадстаўнік АБСЕ?
Міжнародная грамадзянская ініцыятыва звернецца да Літвы з прапановай накіраваць у Беларусь спецпрадстаўніка АБСЕ. А таксама правесці міжнароднае паліцэйскае расследаванне падзей на плошчы Незалежнасці ў Мінску.
Сустрэча прадстаўнікоў Міжнароднай грамадзянскай ініцыятывы для АБСЕ (ICI OSCE) з міністрам замежных спраў Літвы Аўдронюсам Ажубалісам прызначаная на 19 студзеня. Як паведаміў падчас сустрэчы з беларускімі журналістамі сябра Кардынацыйнага савета Міжнароднага моладзевага праваабарончага руху Зміцер Макараў, пытанне прысутнасці АБСЕ ў Беларусі будзе абмеркавана адным з першых.
Зміцер Макараў: “Для нас прынцыповае пытанне, каб тут дзейнічалі нормы і стандарты АБСЕ. Таму мы перад літоўскім старшынствам будзем ставіць пытанне аб вяртанні сюды АБСЕ ў іншай якасці. Толькі пытанне: у якой форме? Ці то ў форме місіі АБСЕ, ці то ў форме спецпрадстаўніка старшынства, пасада якога будзе спецыяльна заснаваная з мандатам па расследаванні, аналізу і маніторынгу падзей, якія тут адбываюцца”.
Менавіта наяўнасць спецпрадстаўніка АБСЕ сябры ініцыятывы лічаць найбольш удалай. Хаця б з таго меркавання, кажа сябра ініцыятывы і старшыня Міжнароднай назіральнай місіі за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі Андрэй Юраў, што яго можна накіраваць у Беларусь і без згоды нашай краіны.
Андрэй Юраў: “Краіна-старшыня можа гэта зрабіць у межах уласнай амбасады: адзін з дарадцаў прызначаецца ў межах дзеючага старшынства спецпрадстаўніком. Ён не надзелены асобым мандатам АБСЕ, але такая персона будзе. І аб’явіць, што такога чалавека няма і ён не мае права тут працаваць, немагчыма, бо гэта пойдзе па дыпламатычных каналах. І не АБСЕ, а Літвы”.
А яшчэ сябры грамадзянскай ініцыятывы хочуць, каб Літва выступіла з прапановай правесці незалежнае паліцэйскае расследаванне падзей 19 снежня на Плошчы.
Андрэй Юраў: “Нашая справа — гэтую прапанову закінуць. У тым ліку і для таго, каб калі ўлады Беларусі хочуць настойваць на сваёй версіі, то яны павінны паказаць сваю адкрытасць. І гэтае расследаванне павінна быць сапраўды незалежным, міжнародным. Каб не было ніякіх сумненняў ні ва ўлады, ні ў іншых бакоў, што гэта аб’ектыўнае і незалежнае расследаванне”.
Што тычыцца самой Міжнароднай грамадзянскай ініцыятывы для АБСЕ, то яна была заснаваная год таму шэрагам грамадскіх аб’яднанняў і праваабарончых арганізацый краін-удзельніц АБСЕ. Як еўрапейскіх, так і каўказскіх ды сярэднеазіяцкіх. І яны, кажа Зміцер Макараў, маюць права маніторыць і абараняць правы чалавека ў кожнай з краін, якая ўваходзіць у прастору АБСЕ.
Зміцер Макараў: “Правы чалавека не з’яўляюцца праблемай выключна той ці іншай дзяржавы — гэта прадмет наўпроставай легітымнай заклапочанасці ўсёй сусветнай супольнасці. І на саміце кіраўнікоў краін АБСЕ, які праходзіў 1-2 снежня 2010 года, Лукашэнка асабіста падпісаў дэкларацыю, дзе прапісаная гэтая цытата”.
Дарэчы, абедзве прапановы Міжнароднай ініцыятывы па Беларусі, якія будуць прадстаўленыя міністру замежных спраў Літвы, дастаткова арыгінальныя і амаль нідзе не прымяняліся. Прынамсі, што тычыцца незалежнага паліцэйскага расследавання. Але, кажа Андрэй Юраў, яны і спрабуюць дапамагчы АБСЕ памяняць падыходы да самой працы гэтай арганізацыі.
Андрэй Юраў: “Міжнародная грамадзянская ініцыятыва спрабуе мяняць стандарты, мяняць падыходы. Прапаноўваць новыя інстытуты ў рамках АБСЕ, новыя пагадненні, новыя інструменты. Бо, на наш погляд, АБСЕ працуе неэфектыўна апошнія гады. І гэта не толькі ў сувязі з Беларуссю. Шмат іншых прыкладаў, пачынаючы ад канфліктаў на Паўднёвым Каўказе ў 2008 годзе, калі было зразумела, што АБСЕ апынулася цалкам бездапаможнай”.
Вяртаючыся да будучай сустрэчы з літоўскім міністрам, Андрэй Юраў выказаў спадзяванне, што Літва падтрымае гэтая прапановы. А шанцаў іх ажыццявіць у літоўцаў нашмат больш, чым у любой іншай заходняй краіны. Маўляў, у Літве добра разумеюць тое, што ў нас адбываецца, і змогуць знайсці рашэнні, якія задаволяць абодва бакі.
Фота: Змітра Лукашука