Сына Халіп і Саннікава намагаліся забраць органы апекі

У органах апекі сын журналісткі Ірыны Халіп і кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава ужо лічыцца як "бездаглядны". Як паведаміў у эфіры Еўрарадыё бацька Ірыны Уладзімір Халіп, органы апекі намагаліся сёння забраць трохгадовага Данілу з дзіцячага садка.

Ён з жонкай у гэты час знаходзіўся ля ізалятара КДБ, дзе яны спрабавалі аддаць перадачу арыштаваным бацькам дзіцяці.

Пасля тэлефанавання з садка наконт таго, што Данілу намагаюцца забраць прадстаўнікі апекі як "бездагляднага", жонка неадкладна накіравалася афармляць апякунства на ўнука.

Цяпер хлопчык знаходзіцца ў дзядулі і бабулі.