Сёлета ў Бабруйску адкрылі ў тры разы больш карупцыйных справаў, чым летась

У параўнанні з мінулым годам колькасць карупцыйных справаў на Бабруйшчыне ўзрасла ў 3 разы. За 9 месяцаў гэтага года адкрытыя 94 крымінальныя справы па карупцыйных артыкулах. З іх 23 справы за крадзяжы шляхам злоўжывання службовым становішчам, 14 справаў за атрыманне і 27 за даванне хабару, 6 — за злоўжыванне ўладай, 7 — за атрыманне незаконнай узнагароды.

Факты карупцыі выяўленыя на самых розных прадпрыемствах — на заводзе напояў, ААТ “Аграпрамысловая кампанія “Дзеднава”, будаўнічым трэсце №13, на заводзе буйнапанэльнага будавання і нават у Бабруйскай паліклініцы, а таксама на рынку пры гандлі прадуктамі харчавання без належнай дакументацыі. Спыненая спроба продажу крамы “Залаты  выбар”, якая афіцыйна знаходзіцца  пад арыштам.