Сёлета ў Беларусі на пажарах загінула ўжо болей за 100 чалавек
З пачатку году ў Беларусі загінула на пажарах ужо больш за 100 чалавек. На раніцу 27 студзеня агульная колькасць ахвяраў такіх здарэнняў склала 102 чалавекі, паведамляе БелаПАН са спасылкай на аператыўныя зводкі МНС. Гэта на 61,9% болей за паказнік аналагічнага перыяду мінулага года.
Усяго ў краіне адбылося 536 пажараў (на 26,7% болей). Пашкоджанні атрымалі 29 чалавек (летась было столькі ж), агонь знішчыў 63 будынкі (на 37% болей), пашкоджана 414 будынкаў (на 27,8% болей).
Сярод загінулых няма дзяцей, як і год таму.
Адзначым, што большасць пажараў адбываецца з-за неасцярожнасці пры курэнні, а таксама ў выніку кароткага замыкання электраправодкі. Сёлетнія маразы таксама паспрыялі росту колькасці пажараў з-за няправільнай эксплуатацыі печаў і прыладаў для ацяплення.