Сёння адбудзецца фэст “Аршанская бітва-2008”, Мірон правёў чарговую акцыю

Традыцыйны фестываль беларускай аўтарскай песні і паэзіі “Аршанская бітва-2008” адбудзецца сёння вечарам на Крапівенскім полі, што каля вёскі Гацькаўшчына.  На адкрытым паветры каля вогнішча збяруцца барды і паэты, а таксама прыхільнікі нацыянальнай і гістарычнай тэматыкі ў музыцы і паэзіі. Пакуль дакладна вядома пра ўдзел вядомага барда, пачынальніка традыцыі святкавання ўгодкаў Аршанскай бітвы 1514 года Андрэя Мельнікава. Магчыма, на Крапівенскае поле прыедуць і рыцарскія клубы.

Тым часам легендарны змагар Мірон ужо адзначыў угодкі славутай перамогі войска ВКЛ над маскоўскай арміяй. Як інфармуе Радыё Свабода, уначы на электрычных дратах каля плошчы Перамогі ў Віцебску быў вывешаны бел-чырвона-белы сцяг.

Традыцыйна да яго была прымацаваная цыдулка, у якой гаворыцца: “Віншую ўсіх з Днём беларускай вайсковай славы. Апошнія падзеі ў Грузіі сведчаць пра тое, што беларусам трэба сур'ёзна рыхтавацца, каб у выпадку неабходнасці паўтарыць подзьвіг нашых продкаў пад Воршай. Жыве Беларусь! Жыве вечна! Мірон”.

Сцяг лунаў над горадам каля 40 хвілінаў і быў зняты супрацоўнікамі міліцыі і МНС.