Сёння беларусы выступяць на чэмпіянаце свету па хакеі

Матчам зборных Даніі і Чэхіі 2 траўня ў Канадзе стартаваў 72-й чэмпіянат свету па хакеі з шайбай. Гульня завяршылася з вынікам 5:2 на карысць чэшскай каманды.

Зборная Беларусі выступіць на сусветным першынстве 3 траўня. Яе супернікамі будуць хакеісты Швецыі. 5 траўня падапечныя Курта Фрэйзера згуляюць са швейцарцамі, 7 траўня — з французамі. Трансляцыя - у 19.55 па Першым канале.
2 траўня трэнерскі штаб каманды заявіў на чэмпіянат 18 гульцоў (з іх шэсць легіянераў). У гэты лік увайшлі: брамнікі (2) — Віталь Каваль ("Нёман", Гародня), Сцяпан Гарачэўскіх ("Юнацтва", Мінск); абаронцы (6) — Уладзімір Дзянісаў ("Лэйк-Эры Монстэрс", ЗША), Сяргей Коласаў, Аляксандр Журык (абодва — "Дынама", Мінск), Віктар Касцючонак, Алег Лявоньцьеў (абодва — "Юнацтва", Мінск), Аляксандр Макрыцкі ("Керамін", Мінск); форварды (10) — Алег Антоненка (МУС, Расія), Яраслаў Чупрыс, Андрэй Міхалеў (абодва — "Керамін", Мінск), Зміцер Дудзік, Аляксандр Кулакоў (абодва — "Дынама", Менск), Аляксей Калюжны ("Авангард", Расія), Кастусь Кальцоў ("Салават Юлаеў", Расія), Зміцер Мялешка ("Спартак", Расія), Аляксей Угараў ("Нафтахімік", Расія), Сяргей Задзеленаў ("Гомель").
На першым этапе за зборную могуць гуляць 23 хакеісты, на другім — 25.
У запасе ў беларускай каманды яшчэ 12 гульцоў (з іх пяць легіянераў): брамнік (1) — Зміцер Мільчакоў ("Віцебск"); абаронцы (3) — Руслан Салей ("Каларада Эвеланш", ЗША, НХЛ), Андрэй Антонаў ("Керамін"), Андрэй Башко ("Металург", Жлобін); форварды (8) — Аляксандр Бараўкоў, Арцём Сянкевіч (абодва — "Юнацтва"), Сяргей Дзямагін, Яўген Курылін (абодва — "Дынама"), Міхась Грабоўскі, Андрэй Косціцын, Сяргей Касціцын (усе — "Манрэаль Канадыенс", Канада, НХЛ), Міхась Стэфанавіч ("Квебек Ремпартс", Канада).
Руслан Салей ужо можа далучыцца да зборнай, паколькі яго клуб 1 траўня выбыў з розыгрышу Кубка Стэнлі. "Манрэаль", за які выступаюць браты Касціцыны і М.Грабоўскі, працягвае выступ у кубку, аднак ад вылету яго аддяляе адна параза.
Склад груп чэмпіянату свету: "А" (Квэбэк): Швецыя, Швейцарыя, Беларусь, Францыя.
"У" (Галіфакс): Канада, ЗША, Латвія, Славенія. "З" (Галіфакс"): Фінляндыя, Славакія, Нямеччына, Нарвегія. "D" (Квэбэк): Чэхія, Расія, Данія, Італія.
Пасля аднакругавога турніру барацьбу за медалі працягнуць тры лепшыя каманды кожнай групы.