Сёння незалежныя прафсаюзы праводзяць у Мінску дазволены мітынг

Мітынг, прымеркаваны да Сусветнага дня барацьбы за годную працу, праводзяць сёння ў сталіцы незалежныя прафсаюзы. Ён дазволены мінскімі ўладамі.
Акцыя адбудзецца з 16.30 да 18.30 на адкрытай канцэртнай пляцоўцы парка імя 50-годдзя Вялікага Кастрычніка. Мяркуецца, што ў ёй прымуць удзел каля 500 чалавек — прафсаюзныя актывісты з розных рэгіёнаў краіны, якія будуць прадстаўляць Беларускі незалежны прафсаюз, Свабодны прафсаюз металістаў, Свабодны прафсаюз Беларускі, а таксама Беларускі прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасці.

Як паведамляе сайт belmy.info, удзельнікі акцыі збіраюцца запатрабаваць ад урада забеспячэння ім роўных магчымасцяў рэалізацыі права на працу для ўсіх грамадзян Беларусі, добрых умоваў працы і бяспекі на працоўным месцы, годнага даходу і высокай якасці жыцця, адмены сістэмы тэрміновых працоўных кантрактаў, недапушчэння дыскрымінацыі ў працоўных адносінах.