Сёння пройдзе апазнанне цел загінулых у авіякатастрофе пад Мінскам

Апазнанне цел загінулых пры крушэнні самалёта пад Мінскам плануюць правесці сёння. Чакаецца, што для гэтага прыедуць прадстаўнікі расійскай авіякампаніі.
Таксама ў Мінск прыедзе маскоўскі спецыяліст, які павінен агледзець знойдзеныя на месцы катастрофы прадметы, падобныя на бартавыя самапісцы.

У Транспартнай пракуратуры адзначылі, што самалёт з'яўляецца рэдкай мадэллю. У Беларусі няма экспертаў па такіх самалётах, інфармуе “Інтэрфакс-Захад”.

Нагадаем, расійскі самалёт кампаніі “С-Эйр” разбіўся ў 4 кіламетрах ад Нацыянальнага аэрапорта “Мінск” увечары 26 кастрычніка.

Лайнер не здолеў сесці з першага разу і ўпаў пры другой спробе. Загінулі 3 члены экіпажа і 2 пасажыры, сярод якіх — дырэктар “С-Эйр” Марат Рамашкін.