Сёння стане вядома, колькі дэмакратаў патрапіць у выбарчыя камісіі

136 прадстаўнікоў апазіцыйных партый і грамадскіх арганізацый былі вылучаныя ў склад акруговых выбарчых камісій. Дакладная колькасць тых, хто туды патрапіць, стане вядома сёння пасля 14 гадзінаў. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў сакратар Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік. Папярэднія звесткі па некаторых рэгіёнах Еўрарадыё паведаміў лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

"Напрыклад, па Магілёўшчыне ўключаныя толькі два прадстаўнікі АДС. Па Берасцейшчыне шэсць, па Гомельшчыне - 13. Гэта тры рэгіёны, дзе ў нас ёсць звесткі па кааліцыі. Па астатніх рэгіёнах пакуль складана сказаць, таму што ў Менску і Менскай вобласці нам адмовіліся даць інфармацыю". 

Паводле папярэдніх звестак Лябедзькі, ад АГП у склад акруговых камісій уключаныя 12 чалавек. Аднак ужо заўважаная адна асаблівасць - у камісіі ўключаюць тых прадстаўнікоў Аб'яднанай грамадзянскай партыі, што працуюць на дзяржаўных прадпрыемствах альбо на дзяржаўнай службе.

"Я думаю, што гэта невыпадкова, - кажа Анатоль Лябедзька. - Гэта зроблена для таго, каб быў дадатковы інструмент уціску на гэтых людзей".

Лябедзька параўноўвае цяперашнюю сітуацыю з папярэдняй кампаніяй і адзначае наяўнасць прагрэсу. "Але гэтага "прагрэсу" дастаткова толькі для таго, каб яго канстатаваць, але яго недастаткова, каб праводзіць свабодныя выбары, - кажа ён. - Свабодныя выбары - гэта тады, калі ў кожнай акруговай камісіі ёсць прадстаўнік АДС, які можа, няхай і ўскосна, уплываць на прыняццё рашэнняў".