Сёння вырашыцца, ці ўключаць Беларусь у парадак дня пасяджэння Савета ЕС

Сёння адбудзецца сустрэча пастаянных прадстаўнікоў краін Еўрасаюза ў Бруселі. На ёй будзе вырашана пытанне наконт уключэння Беларусі ў парадак дня на пасяджэнні міністраў замежных спраў краін ЕС, якое адбудзецца 16–17 лістапада ў бельгійскай сталіцы. Пра гэта Еўрарадыё распавялі ў прэс-службе Савета ЕС.  Плануецца, што на пасяджэнні міністраў будзе прынята рашэнне пра лёс візавых санкцый у адносінах да беларускіх чыноўнікаў, у тым ліку і Аляксандра Лукашэнкі.

Нагадаем, у кастрычніку мінулага года кіраўнікі МЗС краін Еўрасаюза прыпынілі на паўгода дзеянне санкцый для 36 беларускіх чыноўнікаў, у адносінах якіх на працягу чатырох гадоў дзейнічалі візавыя санкцыі. У сакавіку сёлета замарозку санкцый працягнулі на дзевяць месяцаў.

Поўная іх адмена была пастаўленая ў залежнасць ад рэформы выбарчага заканадаўства, забеспячэння свабоды аб'яднанняў, стварэння ўмоў для дзейнасці няўрадавых арганізацый, свабоды прэсы і зняцця абмежаванняў для свабоды асобы.