Сёння Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі працягне разгляд пазоваў "Аўтарадыё"
"Аўтарадыё" аспрэчвае пазбаўленне права на наземнае вяшчанне.
Паводле кіраўніка радыёстанцыі Юрыя Базана, на 28 сакавіка прызначанае судовае пасяджэнне па пазове аб прызнанні несапраўдным папярэджанне Міністэрства інфармацыі. Таксама будзе прадоўжана падрыхтоўчае паседжанне па пазове аб прызнанні несапраўдным рашэнне ануляваць права радыёстанцыі на вяшчанне, вынесенага рэспубліканскай камісіяй па тэлебачанні і радыёвяшчанні Беларусі.
17 сакавіка касацыйная калегія Вышэйшага гаспадарчага суда Беларусі па выніках разгляду касацыйнай скаргі Мінінфарма адмяніла вынесенае раней рашэнне па пазовах "Аўтарадыё" і накіравала справу на перагляд іншым суддзёй.
9 сакавіка Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі прызнаў несапраўднымі і рашэнне рэспубліканскай камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанні Беларусі ануляваць права "Аўтарадыё" на наземнае эфірнае вяшчанне, і папярэджанне Міністэрства інфармацыі. Паводле гэтага рашэння суду, Мінінфарм павінен быў выплаціць "Аўтарадыё" судовыя выдаткі па двух пазовах агулам у 1,4 мільёна рублёў.
Прымаючы ў студзені бягучага году свае рашэнні, Мінінфарм і рэспубліканская камісія спасылаліся на нібыта "распаўсюд у эфіры радыёпраграмы інфармацыі, якая змяшчае публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці", паведамляе Радыё Свабода.