"Тарпеда" і "Філкір" сёння згуляюць у Лізе Еўропы ўсляпую

Жодзінцы, як і хлопцы з Рэйк'явіка, не бачылі ніводнага матча адно аднаго
Сёння ў Жодзіне ў першым кваліфікацыйным раўндзе Лігі Еўропы згуляюць мясцовае "Тарпеда" і "Філкір" з ісландскага Рэйк'явіка. На стадыёне чакаецца аншлаг — усе 3020 месцаў будуць запоўненыя. Кошт білетаў — як на матчы чэмпіянату краіны: 5 тысяч —дарослы, 2 тысячы — дзіцячы, распавёў Еўрарадыё прэс-сакратар жодзінскага "Тарпеда" Сяргей Пузанковіч.

Сяргей Пузанковіч: "Тарпеда" ўпершыню выходзіць у Еўропу, таму гульню вельмі чакаюць. Праўда, з "Філкіра" ў Жодзіна прыязджалі пакуль што толькі афіцыйныя асобы: раніцай была нарада з прадстаўніком УЕФА.

У дэлегацыі ісландцаў толькі 25 чалавек. З іх толькі 18 — футбалісты. Яны пасяліліся ў гатэлі "Вікторыя" ў Мінску. 30 чэрвеня трэніраваліся на палях ФК "Мінск" у Драздах".


Цікава, што ў трэнерскім штабе "Тарпеда" не бачылі ніводнай гульні "Філкіра". Толькі тры хвіліны з галамі, размешчаныя на афіцыйным сайце. У Ісландыі таксама запісаў з гульнямі жодзінскай каманды не знайшлося. З інтэрв'ю, якія даюць іх трэнер і футбалісты, вынікае, што пра гульню "Тарпеда" яны паюць толькі агульнае ўяўленне.

Гэта дае тарпедаўцам дадатковыя шанцы. Па словах Сяргея Пузанковіча, настрой у футбалістаў вельмі сур'ёзны: "Філкір" — не зоркі, але і "Тарпеда" ў сезоне не блішча.

Нагадаем, акрамя сустрэчы "Тарпеда" — "Філкір" сёння ж у Албаніі ў першым кваліфікацыйным раўндзе Лігі Еўропы згуляюць магілёўскае "Дняпро" і "Лачы" з горада Лач.



Фота — tarpeda.zhodzina.info