Таварыства аховы помнікаў ладзіць зварот да Лукашэнкі ў форме дыктоўкі

Рада Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры прапануе зладзіць яшчэ адну агульнанацыянальную дыктоўку па беларускай мове. Яе прапануецца правесці 18 красавіка. Рада таварыства нагадвае, што 18 красавіка — гэта "знакавы дзень", які на працягу мноства гадоў з ініцыятывы ЮНЭСКА адзначаецца як Міжнародны дзень аховы помнікаў і гістарычных месцаў.

Пачатак дыктоўкі ў 18.00 у скверы каля Мінскай ратушы. Тэкстам для яе стане зварот грамадзян да кіраўніка дзяржавы пра стан аховы гісторыка-культурнай спадчыны ў Беларусі. Тэксты дыктовак плануецца накіраваць Аляксандру Лукашэнку, паведамляе БелаПАН.