ТБМ арганізуе бясплатныя заняткі для навучэнцаў сярэдніх школ

"Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" арганізуе бясплатныя заняткі па беларускай мове, літаратуры і гісторыі для вучняў сярэдніх школ, паведаміў БелаПАН дырэктар закрытага ўладамі Нацыянальнага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа Уладзімір Колас.

Паводле яго слоў, заняткі будуць праводзіцца для ўсіх жадаючых вучняў 7-х, 8-х і 9-х класаў сярэдніх школ і пачнуцца ў лютым. Весці іх будуць вопытныя выкладчыкі ТБМ, сярод якіх Алег Трусаў, Валянцін Голубеў і іншыя.

"Паколькі ўзровень гуманітарнай адукацыі на беларускай мове ў нашай краіне, на жаль, не на высокім узроўні, мы вырашылі звярнуцца да практыкі бясплатных заняткаў і сёлета
", — сказаў Колас. Ён зазначыў, што заняткі па ініцыятыве ТБМ праводзяцца ўжо пяць гадоў.

Заняткі будуць праходзіць адзін-два разы на тыдзень. Арганізацыйны сход адбудзецца 4 лютага ў 17.00 у памяшканні ТБМ па адрасе: вул. Румянцава, 13.