ТБМ прапанавала кіраўнікам Светлагорска напісаць дыктоўку

Прадстаўнікі ТБМ прапанавалі светлагорскаму кіраўніцтву далучыцца да Другой нацыянальнай дыктоўцы па беларускай мове. Яна запланаваная на 21 лютага. “Нацыянальная дыктоўка праводзіцца дзеля павагі да беларускай мовы, падвышэння яе становішча ў грамадстве. Дыктоўка не накіраваная на праверку ведаў, напісаныя тэксты не здаюцца і могуць быць захаваныя ўдзельнікамі ў памяць пра акцыю”, – гаворыцца ў звароце. Па даручэнні тутэйшых сябраў Таварыства беларускай мовы ліст падпісалі Тэльман Маслюкоў і Вадзім Болбас.

Актывісты Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны просяць у райвыканкама выдзеліць чытальную залу ў бібліятэцы Светлагорска ці іншае памяшканне, дзе маглі б сабрацца ахвотныя ўзяць удзел у дыктоўцы.

З ініцыятывай аб правядзенні ІІ-ой нацыянальнай дыктоўкі выступіў Алег Трусаў, старшыня ТБМ. Першая дыктоўка адбылася летась, яе ініцыятарам быў філосаф, прамоўтэр і пісьменнік Уладзімір Падгол. Сябра Грамадска-кансультацыйнай рады пры Адміністрацыі прэзідэнта Алег Трусаў лічыць, што сёлета акцыю варта распачаць 21 лютага – ў Міжнародны дзень роднай мовы. Працягнецца ў краіне і за мяжой.

РэгіёныBY